Кавалевічы (Пухавіцкі раён)
Вёска
Кавалевічы
| ||||||||||||||||||||||||
Кавале́вічы[1] (трансліт.: Kavalievičy, руск.: Ковалевичи) — вёска ў Пухавіцкім раёне Мінскай вобласці. Уваходзіць у склад Навапольскага сельсавета. Месціцца за 45 км па паўднёвы захад ад Мар’інай Горкі, 48 км ад Мінск, 22 км ад чыгуначнай станцыі Рудзенск на лініі Мінск — Асіповічы, на аўтадарозе Р69 Смалявічы — Шацк; на рацэ Кавалёўка (прыток Шаці).
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Раннія часы. Вялікае Княства Літоўскае
[правіць | правіць зыходнік]Кавалевічы ёсць старажытным паселішчам. На поўначы вёскі, у лесе, ва ўрочышчы Маяк, або Гарадзішча, месцяцца археалагічныя помнікі — гарадзішча, 2 могільнікі, 2 курганы. Аляксандр Ельскі адзначаў, што гарадзішча мясцовыя людзі называюць таксама Замчышчам[2].
У 1605 годзе вёскай валодалі Януш Радзівіл і яго жонка Соф’я з Алелькавічаў, апошняя з роду Алелькавічаў, слуцкіх князёў. У гэты час вёска ў Менскім павеце Менскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага. Дакументам ад 14 сакавіка 1606 года, засведчаным у трыбунале віленскім, Януш і Сафія Радзівілы аддаюць у заклад Кавалевічы разам з Сяргеевічамі і з даменам Хатляны, Свянтохне Акунёўне Бальцаровай Раецкай, войскай троцкай, у суме 4000 кап грывень літоўскіх, заклад з часам быў выплачаны. У радзівілаўскім інвентары землі згадваюцца як «бакштанскія» (г. зв. «Бакштанскае графства»). Пазней спадчыннікамі сталі Якуб і Ганна Прошыцы, якія ў 1617 годзе прадалі Кавалевічы і суседнія вёскі Янушу Быхаўцу.
Януш Быхавец канфліктаваў з суседам Андрэем Вінкам, які жыў у суседнім Шацку. Яны рабілі ўзаемныя шляхецкія наезды, а ў 1620 годзе Вінка са збройным атрадам знішчыў Кавалевічы і суседнія Таўкачэвічы з рэзідэнцыяй Быхаўца, ды забіў апошняга[2]. Гэтая справа разбіралася ў трыбуналах праз нашчадкаў забітага, скончылася ў Навагрудку ў 1628 годзе. Быхаўцам былі пацверджаныя правы на зямлю, але неўзабаве яны праз доўг перайшлі да Заранкаў герба «Корчак», а ў 1748 годзе былі канчаткова выкупленыя імі ва ўласнасць, належалі да дамена Дудзічы. Казімір Заранак, сын Браніслава, падчашы ваўкавыскі, з жонкай Лахоўскай меў дзвюх дачок: Елізабету і Аляксандру, для якіх у 1748 годзе набыў дадатковыя землі вакол уладанняў. Падзяліў іх на 2 часткі: дамен Хатляны ўзяла Елізабета, у шлюбе Завіша; Аляксандра, якая не была ў шлюбе, атрымала Дудзічы з прылеглымі вёскамі, у тым ліку Кавалевічы.
Каля 1760 года Казімір Заранак памёр, Дудзічамі і ваколіцамі валодала асабіста Аляксандра. 27 верасня 1767 года Аляксандра пабралася шлюбам з Юзафам Прозарам старостам жмудскім, пазней ваяводам віцебскім. Яны мелі дзвюх дачок: Барбару і Ружу. Аляксандра Прозарава памерла ў Дудзічах у 1768 годзе, дочкамі да паўналецця апекаваўся Юзаф Прозар, пазней перадаўшы апеку ксяндзу Букатаму, канцыляру віленскай кафедры. У 1785 годзе Барбара і Ружа выйшлі замуж, а пазней падзялілі маёмасць. Кавалевічы з навакольнымі вёскамі атрымала Барбара, якая пабралася шлюбам з Францішкам Букатым , падкаморыем надворным і шамбелянам, пазнейшым паслом Рэчы Паспалітай ў Вялікабрытаніі. Праз тое, што Францішак Букаты быў паслом у Лондане, ён не мог даглядаць свае ўладанні на Літве, таму даверыў гэта прэлату Антонію Букатаму.
Пад уладай Расійскай імперыі
[правіць | правіць зыходнік]У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай 1793 года тэрыторыя апынулася ў складзе Расійскай імперыі, у Ігуменскім павеце Мінскай губерні. Францішак Букаты памёр у 1797 годзе, а Барбара Букатова з Прозараў другі раз пабралася шлюбам з Ксаверыем Ліпскім герба «Грабе», кашталянам лянчыцкім, ды ўсю маёмасць перапісала яму.
Каля 1830 года Кавалевічы былі адабраныя на карысць крэдытораў, потым іх купіў Тадэвуш Завіша. Ян Завіша, сын Тадэвуша ў 1859 годзе прадаў Кавалевічы Касперу, аднаму з сыноў Ліпскага. Па смерці бяздзетнага Каспера Ліпскага ў 1861 годзе Кавалевічы перайшлі Ельскім, кроўным памерлага. Аднак праз даўгі Ельскія не маглі ўтрымліваць Кавалевічы, таму імі валодалі розныя асобы, пакуль не сталі ўласнасцю Івана Андрэевіча Бунге. Пасля 1861 года сяло і маёнтак у Шацкай воласці Ігуменскага павета. У 1880 годзе ў маёнтку быў заснаваны вінакурны завод, у якім у 1913 годзе працавала 7 рабочых.
У 1897 годзе ў сяле быў хлебазапасны магазін, капліца. У 1913 годзе адкрытае земскае народнае вучылішча.
Найноўшы час
[правіць | правіць зыходнік]З канца лютага 1918 года тэрыторыя акупаваная войскамі Германскай імперыі. 25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай воласць абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. У снежні 1918 года занята Чырвонай Арміяй, з 1 студзеня 1919 года ў адпаведнасці з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі яна ўвайшла ў склад Савецкай Беларусі, з 27 лютага 1919 года — у ЛітБел ССР. У час польска-савецкай вайны ў жніўні 1919 — ліпені 1920 гадоў пад акупацыяй Польшчы (Мінская акруга ГУУЗ).
З 31 ліпеня 1920 года ў Беларускай ССР. За савецкай уладай народнае вучылішча было пераўтворанае ў працоўную школу 1-й ступені, у 1922 годзе было 20 вучняў. У пачатку 1930-х гадоў праведзена прымусовая калектывізацыя, створаны калгас «Чырвоны пуцілавец», была кузня, лесапільны і вапнавы заводы, збудаваныя ў 1933 годзе.
У Другую сусветную вайну з канца чэрвеня 1941 года да пачатку ліпеня 1944 года акупаваная нацысцкай Германіяй. У ваколіцах вёскі дзейнічала савецкая партызанская брыгада «Беларусь». У верасні 1943 года ў ходзе нямецкай карнай аперацыі вёска была спалена, забіты 73 жыхары. Пасля вайны вёска адноўленая.
Да 29 чэрвеня 2006 года вёска ўваходзіла ў склад Сяргеевіцкага сельсавета[3]. З 2006 года па 28 мая 2013 года ў складзе Праўдзінскага пассавета[4].
Насельніцтва
[правіць | правіць зыходнік]- 1800 год — 26 двароў, 181 жыхар
- 1870 год — 117 жыхароў мужчынскага полу
- 1897 год — сяло, 56 двароў, 395 жыхароў; маёнтак, 4 двары, 59 жыхароў
- 1908 год — сяло, 73 двары, 538 жыхароў; маёнтак, 17 жыхароў
- 1917 год — сяло, 90 двароў, 520 жыхароў; хутар, 13 двароў, 109 жыхароў
- 1940 год — 110 двароў, 430 жыхароў
- 1960 год — 303 жыхары
- 1999 год — 79 жыхароў
- 2002 год — 44 двары, 70 жыхароў
- 2010 год — 40 жыхароў
- 2012 год — 24 гаспадаркі, 33 жыхары
- 2019 год — 18 жыхароў[5]
Вядомыя ўраджэнцы
[правіць | правіць зыходнік]- Серафіма Тарашкевіч (1913—2000) — паляводка, Герой Сацыялістычнай Працы (1951).
Славутасці
[правіць | правіць зыходнік]Страчаная спадчына
[правіць | правіць зыходнік]- Капліца
Спіс вуліц
[правіць | правіць зыходнік]- Цэнтральная вуліца[6]
Зноскі
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (DJVU)
- ↑ а б Jelski A. 1883, с. 507.
- ↑ Решение Минского областного Совета депутатов от 29 июня 2006 г. № 222 «Об упразднении Горелецкого, Краснооктябрьского, Селецкого, Сергеевичского сельсоветов и изменении границ Новоселковского, Пуховичского, Ветеревичского сельсоветов и Правдинского поссовета Пуховичского района» (руск.)
- ↑ «Об изменении административно-территориального устройства районов Минской области». Решение Минского областного Совета депутатов от 28 мая 2013 г. № 234 Архівавана 31 сакавіка 2016. (руск.)
- ↑ Belarus . pop-stat.mashke.org. Праверана 26 красавіка 2024.
- ↑ Спіс вуліц і іншых элементаў ўнутранага адраса(недаступная спасылка). Нацыянальнае кадастравае агенцтва Рэспублікі Беларусь. Архівавана з першакрыніцы 19 студзеня 2022. Праверана 8 сакавіка 2020.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Кавалевічы // Гарады і вёскі Беларусі. Т. 8 : Мінская вобласць, кн. 4 / Т.У. Бялова (галоўны рэдактар) і інш. — Мінск: Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2013. — С. 146—147. — 528 с. — 2 000 экз. — ISBN 978-985-11-0735-9.
- Памяць: Пухавіцкі раён: Гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / Укл. А. А. Прановіч; Рэдкал.: А. М. Карлюкевіч і інш.. — Мінск: Беларусь, 2003. — 749 с. — ISBN 985-01-0251-9.
- Jelski A. Kowalewicze // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. — Tom IV: Kęs — Kutno. — 1883. — С. 507—508. — 960 с.
- Jelski A. Sierhiejewicze // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. — Tom X: Rukszenice — Sochaczew. — 1889. — С. 588—590. — 960 с.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Кавалевічы (Пухавіцкі раён)